Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.00 до 13.00 и с 14.00 до 17.00 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Галоўны талент – уменне любіць

12.02.2020

Ёсць людзі, чыёй жыццёвай энергіі толькі-толькі хапае, каб дачакаць пенсіі. Здаецца, яны прыйшлі на гэты свет ужо старымі. Ім цяжэй і горш за іншых. Псіхолагі пра такіх гавораць: шклянка заўсёды напалову пустая… У нашай гераіні ўсё наадварот. Таццяна Аляксандраўна ЗЯНЬКО з Пяршаяў – сапраўдны жыццялюб і аптыміст з выключна маладой душой. Нават на заслужаны адпачынак пасля шматгадовай працы ў галіне аховы здароўя пайшла толькі тады, калі адзначыла 62-і дзень нараджэння. Але і пасля ніводнага разу нікому не адмовіла ў дапамозе, незважаючы на тое, у які час сутак гэта дапамога была патрэбна. А, між іншым, перажыць ёй давялося многае. Большасці з нас толькі з кіно ці страшных сноў знаёмыя такія падзеі, як раскулачванне, акупацыя, пасляваенная разруха. За 90 гадоў добрая спагадлівая жанчына зведала і голад, і боль, і страты дарагіх людзей...

У Талочынскім раёне Віцебскай вобласці ёсць вёска з прыгожай назвай Яблынька. Тут у вялікай сям’і ў далёкім 1930 годзе нарадзілася дзяўчынка Таня. Бацька з маці ўжо гадавалі чацвярых дзяцей (пасля з’явіліся яшчэ чацвёра). Жылі цяжка. Дзядулю савецкая ўлада прызнала кулаком. Што было за гэтым, здагадацца даволі проста. Таццяна Аляксандраўна ўспамінае: «Я не ведаю, ці была мая маці добрай кулінаркай, бо гатаваць часцей за ўсё не было з чаго. Нам, дзецям, даводзілася жабраваць. Бывае дадуць табе бульбіну вараную, так хочацца яе адразу з’есці, але ж не, нясеш дадому дзяліць на ўсіх. Зараз не ўяўляю, як мы выжылі, і дагэтуль шкадую бацьку і матулю. Помню іх вочы, поўныя адчаю і віны...»

Жыццё стала паляпшацца толькі пасля вайны, ды і тады матэрыяльнага дастатку не хапала. Але ўсе дзеці добра вучыліся, адзін за адным адыходзілі на свой хлеб. Таццяна любіла матэматыку, біялогію, беларускую мову. Школу скончыла ў 1948 годзе. Куды пайсці вучыцца? Гэта пытанне заставалася адкрытым. Парады ад старэйшых чакаць не даводзілася, вечна занятая матуля ў кірунках адукацыі не разбіралася, бацька – тым больш. Сяброўкі-аднакласніцы вырашылі падацца ў медыцыну – запатрабаваная прафесія, гарантаваны заробак, павага ад людзей. Яна вырашыла не адставаць і выбрала медвучылішча. Толькі паступіць і нават распачаць вучобу – адно, а жыць у горадзе без падтрымкі – зусім іншае. На білет грошай дала сястра, якая ўжо паспела вывучыцца на бухгалтара, а вось каб мець на хлеб, юная студэнтка не грэбавала любой работай. Радавалася восені, калі пасля заняткаў магла пайсці пакапаць бульбу тым, каму не хапала рабочых рук. Суседкі па пакоі ў інтэрнаце – дзяўчаты з больш заможных сем’яў – шкадавалі сяброўку, падкормлівалі, але прыроджанае пачуццё гонару не дазваляла быць нахлебніцай, таму гатавала, прыбірала, мыла бялізну за ўсіх. Бытавыя цяжкасці не палохалі, вельмі ж цікавай падалася вучоба. Хоць выбірала прафесію несвядома, амаль адразу зразумела: выбар зроблены правільна. Калі ўпершыню апранула белы халат, адчула неверагодную радасць. Нішто, звязанае з будучай работай, нават самыя складаныя маніпуляцыі, не выклікала ні страху, ні агіды. У адносінах да пацыентаў адчувала тое, што кожны з нас у час выпрабаванняў чакае ад медыкаў, спагаду, пяшчоту, жаданне пазбавіць ад пакут…

20-гадовую дыпламаваную медсястру, якая прыехала па размеркаванні на Валожыншчыну, сустрэў галоўны ўрач Міхаіл Міхайлавіч Ляйкоўскі. Месцам працы маладога спецыяліста ён вызначыў Пяршайскі фельчарска-акушэрскі пункт. Наказ даў просты: «Старайся, і ўсё будзе добра».

Канешне, назваць ФАПам невялічкі пакойчык, у якім паслугі мясцоваму насельніцтву аказвалі ўрач, фельчар, акушэрка, медсястра, санітарка, было цяжка – цесната неверагодная, але працавалі ўсе шчыра, кожны супрацоўнік карыстаўся аўтарытэтам у мясцовых жыхароў. Таццяна Аляксандраўна гарманічна ўлілася ў дружную каманду. І работа пайшла. Быт таксама наладзіўся. Жанчына да гэтай пары з удзячнасцю ўспамінае гаспадароў вялікай хаты, куды яе пусцілі на пастой. Яна адразу заўважыла розніцу паміж узроўнем жыцця людзей у яе родным краі, і тут, у Заходняй Беларусі. Штодня даводзілася бываць у дамах вяскоўцаў. Яны ж да маладзенькай сястрычкі ставіліся з павагай, імкнуліся падтрымаць, пачаставаць чымсьці смачным.

Ці здараліся цяжкія выпадкі? Безумоўна. У той час нараджалася шмат дзяцей. Адмысловых умоў цяжарным жанчынам ніхто не ствараў, таму бывала так, што роды праходзілі няпроста. Таня, акрамя того, што выконвала ўсе працэдуры, часта дапамагала акушэрцы і ніводнага разу не разгубілася. Асноўная яе задача – патранаж немаўлят – выконвалася з вялікай радасцю, хаця ў дзень даводзілася пешшу праходзіць дзясяткі кіламетраў.

Прадстаўніц яе прафесіі прынята называць сёстрамі міласэрнасці. Гэта словазлучэнне вельмі пасуе Таццяне Аляксандраўне. Упэўнена: дапамагаць людзям – такая ж норма, як, напрыклад, дыхаць. Працэдуры, выкананыя яе рукой дарылі хворым палёгку фізічную, а ласкавае слове і лагодны погляд – душэўную. І сёння пяршайцы з павай і ўдзячнасцю ўзгадваюць выпадкі, калі сутыкнуліся з прафесійным майстэрствам і чалавечнасцю, нават самаахвярнасцю спецыяліста.

Калі ў роднай сястры здарылася бяда, адразу прапанавала дапамогу і падтрымку. Дзяўчына, як кажуць, сама без «кала і двара», а прыняла маладую жанчыну з дзецьмі. Разам здымалі хатку, затым атрымалі пакой у будынку лясніцтва. Праз пэўны час жыццё сваячкі наладзілася, і ў новым жыллі Таццяна засталася адна, але ненадоўга. Пасля заканчэння тэхналагічнага інстытута ў лясніцтва прыбыў малады галоўны ляснічы Яўгеній Антонавіч. Не паспела наша гераіня апамятацца, як стала нявестай, а затым маладой жонкай. Разам з сябрамі – яшчэ адной закаханай парай – у адзін дзень сыгралі вяселле. «Пачыналі мы з поўнай галечы, – спакойна, без асаблівых эмоцый вядзе аповед мая суразмоўца. – Уся маёмасць складалася з яго і майго чамаданаў, ложка і стала, які наспех збілі з дошак». Разжываліся паступова. У графскім будынку адкрылася бальніца на 15 ложкаў. Гэта быў сапраўдны прарыў у станаўленні мясцовай медыцыны. Павялічыўся заробак, ды і муж на сваёй рабоце быў не апошні чалавек, шмат гадоў узначальваў арганізацыю. Доўга жылі ў лясніцтве, толькі паступова жылплошча павялічвалася. Уласны дом пабудавалі, калі дзеці – дзве дачкі – былі ўжо нявестамі. Адна з іх – Вольга – успамінае дзяцінства ў старым доме, як найлепшы час. Там было весела, шматлюдна, дзяцей – безліч. Людзі жылі шчыра і адкрыта, нават дзверы ніхто не зачыняў.

Таццяна Аляксандраўна і Яўгеній Антонавіч пражылі разам 50 гадоў, паспелі адзначыць залатое вяселле. Вось ужо 15 гадоў, як яго няма ў жывых. Наступная страшная страта – зяць Віктар, з якім моцна сябравалі і падзялялі агульнае хобі – пчалярства. Але побач дочкі, яшчэ адзін зяць, чацвёра ўнукаў і сямёра праўнукаў. Адной у вялікай хаце было б самотна, але сумаваць матулі, бабулі, прабабулі родныя не дазваляюць, хоць раз у дзень хтосьці з іх завітае ці патэлефануе. Калі ж збіраюцца разам – становіцца нават цесна. Ах, як у гэтыя хвіліны радуецца яе сэрца. Відаць, не дарэмна пражыла жыццё!

Таццяна Аляксандраўна – цудоўны суразмоўца. З яе словы выцягваць не трэба. У адрозненне ад большасці пажылых людзей, не стараецца акцэнтаваць увагу на дробязях. Яе апровед больш падобны на філасофскае разважанне аб сэнсе жыцця. Самае прыемнае, за што я асабіста шчыра парадавалася, жанчына амаль ні аб чым не шкадуе. Цэльны характар дазволіў ёй прыняць усё, што дараваў лёс. Прызнаецца, ні за што б не выбрала іншыя: прафесію, каханага чалавека, сяброў… А па тых, каго няма, яна не плача, наадварот, успамінае, як жывых. Ёй і сапраўды здаецца, што дарагія сэрцу людзі – побач. Кожны падарыў ёй часцінку душы, а яна змагла гэты дар скарыстаць, абагаціўшы сябе іх рысамі характару, захапленнямі, уменнямі. Дзіву толькі можна давацца, калі ўсё паспявала – адна з лепшых гаспадынь у наваколлі, майстрыха-вязальшчыца, непераўзыдзены тамада пры любым застоллі (і гэта пры тым, што ніколі не ўжывала алкаголь). Сакрэт, па яе словах, просты – ніколі не была самаўпэўненай, усяму вучылася і працягвае вучыцца ад людзей. З павагай успамінае заслужанага ўрача БССР Аляксандру Фёдараўну Апанацёнак (колькі дала ёй гэта разумная жанчына ў прафісійным плане!), гаспадыню, у якой кватаравала, Марыю Вікенцьеўну Бярнацкую (былая графская кухарка назаўсёды прывіла маладой дзяўчыне любоў да кухні), сяброўку Ганну Касьянаўну Цітову (менавіта з ёй у адзін дзень заручылася шлюбам) і многіх іншых.

Былая старшая медыцынская сястра Пяршайскай бальніцы не аднаразова атрымлівала ўзнагароды рознага кшталту, у тым ліку медаль «За добрасумленную працу». Дзесьці ў «загашніках» захоўваецца часопіс «Работніца і сялянка» з вялікім артыкулам пра яе работу. Толькі ганарлівасць не ў яе характары, наадварот, ёй хочацца хваліць іншых – знаёмых, калег, нават былых пацыентаў.

Таццяна Аляксандраўна добра помніць вайну, але паабяцала падзяліцца ўспамінамі бліжэй да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Папярэдзіла: аповед будзе нялёгкі. А ў дзень знаёмства толькі прачытала верш пра маці, што перажывае расставанне з сынам-франтавіком. Выразна, нібы са сцэны, дэкламавала слупок за слупком, а мне хацелася плакаць. Не столькі ад шчымлівага сюжэту. Больш – ад замілавання, выкліканага шыкоўным талентам, якім яе шчодра надзяліў Усявышні, – уменнем любіць і дзяліцца сваёй любоўю з блізкімі і амаль не знаёмымі людзьмі.

Падчас нашай гутаркі я прыкінула, што па гадах яна магла б быць мне нават бабуляй – між намі 40 гадоў. Але ж дзе яна, тая розніца? У пэўныя моманты аж сорам браў, ці ж у мяне такія памяць, аптымізм, зацікаўленасць жыццём, адсутнасць крыўды? А гэта пажылая жанчына ніводнага разу не ўзгадала штосьці дрэннае. І сэрца маё ўзрадавалася. Гэта ж сапраўднае шчасце, што яны ёсць – асобы, на якіх хочацца раўняцца, заражацца самымі лепшымі пачуццямі і ўменнем не здраджваць сабе.